08 December 2024

Вынікі працоўнай паездкі ў Літву і Польшчу

Прадстаўнікі Палка імя Кастуся Каліноўскага здзейснілі працоўную паездку ў Літву і Польшчу, падчас якой правялі шэраг важных сустрэч з беларускімі дыяспарамі, рознымі арганізацыямі і асобамі. 

Асноўныя мэты паездкі

• Аднаўленне рэкрутынгу і дапамогі палку. Пасля перыяду рэарганізацыі і рэформаў у Палку Каліноўскага ўзнікла неабходнасць у аднаўленні актыўнага набору добраахвотнікаў і забеспячэння іх усім неабходным.

• Інфармаванне аб зменах і рэформах у Палку. Важна было данесці да грамадскасці інфармацыю аб тым, якія змены адбыліся ў Палку Каліноўскага, якія мэты і задачы стаяць перад ім на дадзены момант.

• Наладжванне кантактаў з еўрапейскімі арганізацыямі, дыпламатамі і палітыкамі. Прадстаўнікі Палка імкнуліся заручыцца падтрымкай еўрапейскіх структур і асобных палітыкаў, зацікаўленых у дапамозе беларускім добраахвотнікам, якія змагаюцца за свабоду Украіны і Беларусі.

На фота злева направа: былы добраахвотнік Палка Аляксандр "Кусь" Клачко, кіраўнік прэс-цэнтра Палка Каліноўскага з пазыўным "Эрнэст", камандзір Палка Каліноўскага Павел "Дзядзька" Шурмей. Фота зроблена пад час сустрэчы з беларускай дыяспарай Вільні. Фота прэс-цэнтра Палка Каліноўскага

Сустрэчы з беларускімі дыяспарамі

Асаблівае значэнне мелі сустрэчы з беларускімі дыяспарамі ў Вільні, Беластоку, Кракаве, Гданьску, Вроцлаве і Варшаве.  На гэтых сустрэчах абмяркоўваліся шматлікія пытанні. Вось асноўныя з іх:

• Легалізацыя былых і дзейных беларускіх добраахвотнікаў у краінах Еўразвязу. Гэта надзвычай важная праблема, бо многія добраахвотнікі пасля вяртання з Украіны сутыкаюцца з цяжкасцямі легалізацыі свайго статусу ў Еўропе.

Рэабілітацыя і падтрымка добраахвотнікаў. Вайна пакідае глыбокі след на псіхіцы і фізічным здароўі людзей. Неабходна забяспечыць добраахвотнікам доступ да якаснай медыцынскай і псіхалагічнай дапамогі.

• Дапамога сем'ям загінулых беларускіх ваяроў. Сем'і герояў, якія аддалі сваё жыццё за свабоду, павінны адчуваць падтрымку і клопат з боку беларускай дыяспары і дэмакратычных сіл.

На жаль, да гэтага часу дэмакратычныя сілы Беларусі ў выгнанні не надалі належнай увагі вырашэнню гэтых пытанняў. Таму зараз надзвычай важна аб'яднаць намаганні і стварыць дзейсны механізм падтрымкі беларускіх добраахвотнікаў і валанцёраў.

На фота: прадстаўнікі Палка наведалі Капліцу ў Вільні, дзе спачываюць парэшткі Кастуся Каліноўскага і іншых дзеячоў паўстання 1863-1864 г. Фота прэс-цэнтра Палка Каліноўскага

Удзел у Першым агульнапольскім кангрэсе

Прадстаўнікі Палка Каліноўскага таксама прынялі ўдзел у Першым агульнапольскім кангрэсе "Сістэма абароны Польшчы. Бязпечная Польшча і грамадзяне".  На гэтым мерапрыемстве прысутнічалі польскія палітыкі, прадстаўнікі вайскова-прамысловага комплексу, грамадскія дзеячы, а таксама дзейны міністр абароны Польшчы віцэ-прэм'ер польскага ўраду Уладзіслаў Касіняк-Камыш.  Прысутнасць прадстаўнікоў Палка выклікала вялікую цікавасць польскіх вайскоўцаў і журналістаў. Супрацоўніцтва з еўрапейскімі палітыкамі і вайскоўцамі будзе працягвацца і пашырацца.

На фота: дзейны міністр абароны Польшчы і віцэ-прэм'ер польскага ўраду Уладзіслаў Касіняк-Камыш вітае камандзіра Палка Каліноўскага Павла Шурмея. Фота прэс-цэнтра Палка Каліноўскага

Падзяка беларускім дыяспарам:

Полк імя Кастуся Каліноўскага выказвае шчырую падзяку ўсім беларускім дыяспарам, якія дапамагалі і працягваюць дапамагаць беларускім ваярам ва Украіне.  Ваша падтрымка стварае адчуванне надзейнага тылу для ўсіх нас.

Разам да перамогі!

На фота: музыка Піт Паўлаў перадае FPV-дроны для Палка Каліноўскага, вырабленыя адмыслова беларусамі ў Польшчы. Фота прэс-цэнтра Палка Каліноўскага

Дапамагчы Палку!

Шукаем тых, хто гатовы дапамагаць беларускім добраахвотнікам

Даведацца больш

Падтрымаць