06 September 2024

510 год Бітве пад Оршай

8 верасня 1514 году аб'яднаныя беларускія, украінскія, літоўскія і польскія войскі Вялікага Княства Літоўскага пад кіраўніцтвам князя Канстанціна Астрожскага ўшчэнт разграмілі сілы Масковіі.

6 верасня, з нагоды 510-й гадавіны бітвы пад Оршай, у Кіеве, на тэрыторыі Нацынальнага запаведніка «Кіева-Пячэрская лаўра», адбылася ўрачыстаць.
На пачатку ва Успенскім саборы ля надмагільнага помніка князю Канстанціну Астрожскаму прайшла паніхіда ў ягоную памяць і ў памяць палеглых ваяроў. Там жа камандзіру Палка Паўлу "Дзядзьке" Шурмею была перададзена Ікона Святога Юрыя змееборца. Яна напісана на скрынцы з пад снарадаў, якую ваяры Палка Каліноўскага прывезлі з фронту.

Камандзір Палка Каліноўскага "Дзядзька" з Іконай Святога Юрыя змееборца. Фота прэс-цэнтра Палка Каліноўскага

Суаўтар іконы мастак Герман Кліменка адзначыў: "Для нас вялікі гонар, што за нас ваююць байцы, народ якіх з намі больш за 600 гадоў змагаецца з тым самым ворагам."
Першая частка урачыстасці Ваяры Палка Каліноўскага скончылі ўскладаннем кветак ля надмагільнага помніка князю Астрожскаму.

Баец Палка Каліноўскага "Ваўкалак" ускладае кветкі на надмагільны помнік Канстанціну Астрожскаму. Фота прэс-цэнтра Палка Каліноўскага

Працяг адбыўся ўжо ва ўнутраным двары лаўры побач з памятнай таблічкай Канстанціну Астрожскаму, усталяванай летась. З двух бакоў невялічкай плошчы стаяць вайскоўцы: на адным — ваяры Палка Каліноўскага, на другім — ваяры 30-й асобнай механізаванай брыгады імя князя Канстанціна Астрожскага і Нацыянальнай Гвардыі Украіны.

З вядомых асоб і пасадоўцаў былі: спікер Генеральнага Штабу Украіны Андрэй Кавалеў, спецпрадстаўнік Украіны ў Беларусі Ігар Кізім, Святар Кіева-Пячэрскай Лаўры ПЦУ Владыка Аврамій, нашчадак роду Астрожскіх Ірэна Марія Сангушка-Астрожская, Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы у пераходным кабінеце Вадзім Кабанчук. Частку іх прамоў мы прыводзім у гэтым тэксце.

"Мір і спакой запануе ва Украіне, калі цяперашнія воіны, абаронцы украінскай незалежнасці, беларускай незалежнасці, дакончаць справу Канстанціна Астрожскага" — зазначыў спікер Генеральнага Штабу Украіны Андрэй Кавалеў.

Спікер Генеральнага Штабу Украіны Андрэй Кавалеў (побач з "Дзядзькам"). Фота прэс-цэнтра Палка Каліноўскага

"Мы знову змагаемся плячом да пляча з нашымі беларускімі братамі. Я вельмі спадзяюся ў бліжэйшай будучыні Полк Каліноўскага будзе ісці ў авангардзе вызвалення Беларусі ад дыктатарскага рэжыму марыянеткі Пуціна. І новая Орша будзе не за гарамі." — кажа Доктар гістарычных навук Алег Аднарожэнка.

Спецпрадстаўнік Украіны ў Беларусі Ігар Кізім выказаўся пра важнасць альтэрнатыўных беларуска-украінскіх стасункаў: "Есць іншая Беларусь, прадстаўнікі якой сення разам з намі змагаюцца за нашую незалежнасць , ваююць з нашым супольным ворагам. Мы ўсе разумеем, што без дэмакратычнай Беларусі не будзе бязпекі ў Еўропе. Таму мы сення падтрымліваем усе рухі, якія выборваюць сапраўдную суверэнную дэмакратычную Беларусь."

Спецпрадстаўнік Украіны ў Беларусі Ігар Кізім. Фота прэс-цэнтра Палка Каліноўскага

Пасля выступу Павал "Дзядзька" Шурмей перадаў сцяг Палка Каліноўскага ў капеланскі храм пры Кіева-Пячэрскай Лаўры. Сцяг перадала і капітан 30 АМБр імя князя Канстанціна Астрожскага Вольга Алексійчук. Невялікая частка асабовага складу Палка Каліноўскага. У дзень урачыстасці многія байцы знаходзяцца на фронце. Фота прэс-цэнтра Палка Каліноўскага

Напрыканцы урачыстасці калектыў вядомага украніскага музычнага гурту "Харэя Казацкая" выканаў твор "Пагоня" на верш Максіма Багдановіча.
Арганізатарамі ўрачыстасці выступілі ГА «Цэнтр беларускіх камунікацый» ды актыў Палка імя Кастуся Каліноўскага.

Гурт "Харэя Казацкая". Фота прэс-цэнтра Палка Каліноўскага

Дапамагчы Палку!

Шукаем тых, хто гатовы дапамагаць беларускім добраахвотнікам

Даведацца больш

Падтрымаць