28 October 2024

100 дзён з пачатку рэформ

Прайшло 100 дзён з моманту, як камандаванне Палка імя Кастуся Каліноўскага публічна аб'явіла аб рэформах нашага падраздзялення. Нягледзячы на ​​тое, што прайшло не так шмат часу, мы гатовы падзяліцца некаторымі поспехамі і расказаць аб праблемах, з якімі сутыкнуліся.

Журналісты рэдакцыі сайта Белсат узялі інтэрв'ю ў камандзіра Палка Каліноўскага Павла "Дзядзькі" Шурмея аб ходзе рэформ. Мы перадрукоўваем фрагмент іх матэрыялу.

 

Шурмей: Полк пачаў аднаўляць давер, але рэформа яшчэ не завершаная

Камандзір палка Каліноўскага Павел Шурмей падкрэслівае ў каментары «Белсату», што рэформы яшчэ не завершаныя. Прайшло ўсяго тры месяцы з моманту публічнай заявы, а большую частку гэтага часу ўвесь асабовы склад палка выконваў баявую працу.

«Можна сказаць, што зараз мы толькі на пачатку шляху. Аднак пэўныя вынікі ўжо ёсць», – кажа камандзір палка.

 

Цяпер у палку працуюць над рэформамі па трох асноўных напрамках, якія апісвае так:

1. Фінансы. Адбываецца поўны паглыблены аўдыт «Фонду Кастуся Каліноўскага» і ўсёй маёмасці палка. У фондзе змяніўся дырэктар, пасаду якога раней займаў баец Арцём Войніч з пазыўным Ваніш. Справаздача па выдатках, якія з'явіліся пасля пачатку рэформаў, штомесяц прадстаўляецца ўсяму асабоваму складу.

2. Рэструктурызацыя кіраўніцтва. Цяпер за ўсе важныя ўнутраныя пытанні палка Каліноўскага адказвае калегіяльны орган: «Працоўная група». У ёй ёсць прадстаўнікі ўсіх баявых і тылавых падраздзяленняў. Прадстаўнікоў выбіраюць самі байцы і кожны баец можа ўдзельнічаць у прыняцці рашэнняў.

3. Прэс-цэнтр. Цалкам знятая ўнутраная цэнзура, выключаная магчымасць уплыву асабістых канфліктаў або перавагаў. Уся інфармацыйная палітыка накіравана на першачарговую падтрымку баявых падраздзяленняў і, што не менш важна, на адкрытасць перад беларускай супольнасцю.

«На дадзены момант галоўнае дасягненне рэформаў – скарачэнне сацыяльнай дыстанцыі паміж баявымі і тылавымі падраздзяленнямі палка, – кажа Шурмей. – Але наперадзе яшчэ шмат працы і мы прыкладзем усе намаганні, каб полк Каліноўскага стаў менавіта такім, якім і мусіў быць з самага пачатку».

 

У мінулым ад палка Каліноўскага аддзяляліся атрады, сыходзілі асобныя байцы, гучалі абвінавачванні штабу ў карупцыі і зборы з байцоў «дзесяціны» на невядомыя мэты. Шурмей запэўнівае: што да «дзесяціны», то гэта цяпер добраахвотны ўнёсак на патрэбы палка, як то на рамонт баявых машынаў, утрыманне інфраструктуры, матэрыяльную дапамогу і іншыя бягучыя аперацыйныя патрэбы і выдаткі. У мінулым «дзесяціна» выклікала шмат пытанняў праз фінансавую непразрыстасць, кажа ён, а цяпер рэгулярна выходзіць справаздача, на што гэтыя сродкі выдаткоўваюцца.

«Для мяне ключавым ва ўсіх рэформах з'яўляецца вяртанне даверу байцоў палка, – працягвае камандзір. – Без даверу, адкрытасці, празрыстасці ўнутраных працэсаў і зладжанага ўзаемадзеяння нічога працаваць не будзе. Паўтаруся, мы прыкладаем усе магчымыя намаганні, каб пазбегнуць памылак мінулага. Вынік ёсць ужо: некаторыя байцы, якія раней пакінулі нашае падраздзяленне з-за праблемаў, агучаных вамі, вярнуліся ў полк Каліноўскага».

Але фінансы, кажа Шурмей, гэта толькі частка праблемаў палка, якая яму дасталася. Полк па-ранейшаму не мае доступу да бальшыні старых медыярэсурсаў, на якіх па-ранейшаму публікуюць матэрыялы ад імя палка Каліноўскага. Шурмей нагадвае, што афіцыйны сайт палка – Kalinouski.org, на гэтым сайце актуальныя спасылкі на іншыя акаўнты і каналы палка.

«Па-другое, полк Каліноўскага панёс рэпутацыйныя страты. Нам даводзіцца нанова наладжваць камунікацыю з беларускімі дыяспарамі і валанцёрамі, бо ў іх узнік пэўны недавер праз дзейнасць канкрэтных асобаў, – дадае Шурмей. – Па-трэцяе, пра нашае падраздзяленне распаўсюджваюцца чуткі. Нібыта палка Каліноўскага больш няма. Або, нібыта, ёсць раскол, у выніку якога зараз існуе адразу два палкі Каліноўскага. Вы таксама маглі гэта чуць. Усё агучанае – дэзінфармацыя».

«Калі б мы не распачалі рэформы, полк Каліноўскага сапраўды мог перастаць існаваць. Аднак мы не толькі не страцілі асабовы склад, не страцілі байцоў, якія ваююць з самага пачатку гэтай вайны: мы пачалі аднаўляць давер, і былыя ваяры вяртаюцца ў полк».

 

Пацверджанні гэтаму ён прапануе шукаць у сацсетках палка: там рэгулярна публікуюць вынікі баявых заданняў, рэпартажы і інтэрв'ю з байцамі.

Але што такое полк Каліноўскага? Байцы відавочна не могуць самі вырашыць, напрыклад, «заўтра пойдзем захопім гэты горад». А што могуць вырашаць? Полк як структура – гэта як прафсаюз або аб’яднанне па інтарэсах?

«Полк імя Кастуся Каліноўскага – гэта не прафсаюз па зборы данатаў, а аб'яднаныя вакол ідэі свабоднай Беларусі добраахвотнікі, – адказвае Шурмей. – Мы разам прайшлі амаль тры гады поўнамаштабнай вайны. Мы гублялі нашых пабрацімаў у баі і мы працягваем змагацца за свае ідэалы. Барацьба працягваецца, і мы працягнем яе столькі, колькі спатрэбіцца».

«Полк імя Кастуся Каліноўскага – значна больш, чым юрыдычная фармальнасць. Значна больш, нашмат больш, чым нешта накшталт аб'яднання па інтарэсах».

 

Полк, тлумачыць ён, уваходзіць у Міжнародны Легіён і ў склад Сілаў Абароны Украіны. За баявую працу і напрамак працы адказвае вайсковая частка. Інакш быць не можа: «Мы не махноўская банда, не ПВК, а вайсковае падраздзяленне». Полк падпарадкоўваецца загадам часткі, але ўсе ўнутраныя пытанні вырашае сам.

Акрамя таго, існуе грамадская арганізацыя «Каліноўцы», але гэта асобная ад палка арганізацыя. Пытанні пра яе Шурмей прапануе адрасаваць ёй самой, кажа толькі: «Мы ўзаемадзейнічаем, абмяркоўваем стратэгію і прасоўваем інтарэсы нашых цяперашніх і былых байцоў».

Тое, што ў Аб’яднаны пераходны кабінет увайшоў былы баец палка Вадзім Кабанчук, камандзір палка вітае і кажа, што Кабанчук робіць важны ўнёсак.

Што трэба выносіць на парадак дня? Шурмей тлумачыць, што палепшыць становішча ўсіх беларускіх добраахвотнікаў, у тым ліку былых, можа адпаведная палітыка кіраўніцтва Украіны. Пытанні аб легалізацыі, рэабілітацыі і прававым статусе замежнікаў цяпер актыўна ўзнімаюцца ва ўкраінскім грамадстве. Таксама ключавой для ўсіх беларусаў на вайне можа стаць – і ўжо збольшага стала – падтрымка беларускай супольнасці.

«Нейкай панацэі, аднаго чароўнага дзеяння няма, – прызнае Шурмей. – Аднак ёсць простыя і зразумелыя рэчы. Проста зараз можна падтрымаць любое з беларускіх падраздзяленняў, дапамагаць закрываць іхныя мэтавыя зборы на тыя ці іншыя бягучыя патрэбы. Вайна шмат каштуе. Пакуль яна будзе ісці – дапамога будзе патрэбная».

 

«Ад сябе хачу падзякаваць усім тым, хто дапамагаў і дапамагае нам увесь гэты час. Усім дыяспарам і кожнаму неабыякаваму. Гэта сапраўды важна».

 З поўным матэрыялам Белсат вы можаце азнаёміцца ​​па гэтай спасылцы.

Дапамагчы Палку!

Шукаем тых, хто гатовы дапамагаць беларускім добраахвотнікам

Даведацца больш

Падтрымаць