12 September 2024
Бельгійскі прынц Мішэль дэ Лінье набыў і асабіста прывёз пікап для Палка Каліноўскага, а мы забралі аўтамабіль з украінскага замка. Але пра ўсё па чарзе
9 верасня, адразу пасля Дня Беларускай вайсковай славы, у маленькім горадзе Збараж Тэрнопальскай вобласці Украіны адбылася ўрачыстасць: у гарадскім замку валанцёры перадалі машыны хуткай дапамогі ўкраінскім шпіталям і вайсковым падраздзяленням, а Палку Каліноўскага — пікап і FPV-дроны.
Збаражскі Замак, горад Збараж, Тэрнопальская Вобласць, Украіна. Гэта гістарычны фартыфікацыйны будынак, які пабачыў мноства бітваў. Фота прэс-цэнтра Палка Каліноўскага
Натхненне прынцу надаў кіраўнік місіі — Ігар Вітэнка, украінскі лекар, які пражывае ў Бельгіі ўжо 25 гадоў і з пачатку вайны заснаваў бельгійска-ўкраінскую медыцынска-гуманітарную "Місію Ігара Вітэнка". Місія стала дапамагае Украіне і працягвае рэалізацыю сацыяльных праектаў. Большасць валанцёраў у місіі — бельгійцы, але сярод іх ёсць і адна беларуска — Галіна Мацюшына. Яна актыўна працуе з першых дзён вайны.
Ігар Вітэнка, кіраўнік «Місіі Ігара Вітэнка». На лацкане ягонага пінжака адметны знак «Почесний Громадянин Збарозької громади». Гэту адзнаку падчас мерапрыемства ямы прысвоіў кіраўнік Збаражскай тэрытарыяльнай абшчыны. Фота прэс-цэнтра Палка Каліноўскага
Беларуская валанцёрка Галіна Мацюшіна побач з камандзірам Палка Кастуся Каліноўскага і бельгійскім баронам Бернардам Дэ Гершалемам. Фота прэс-цэнтра Палка Каліноўскага
Месца сустрэчы было абрана не выпадкова. Некалькі стагоддзяў таму горад Збараж і бліжэйшыя вёскі належалі бельгійскаму Дому Лінь. Гэта адзін з найстаражытных дваранскіх родаў Бельгіі, згадкі пра які ў гістарычных крыніцах сустракаюцца з XII стагоддзя. Збаражскі замак, дзе і прайшла ўрачыстасць, таксама, зразумела, некалі належаў Дому Лінь.
Прынц Мішэль дэ Лінье, згаданы ў пачатку гэтай гісторыі — спадчыннік Дома Лінь. Яму 73 гады і ён ужо 14-ы прынц гэтага дому. Гэта першы ягоны візыт ва Украіну ў рамках гуманітарнай місіі. Прынц Мішэль мае значны ўплыў на бельгійскую палітыку па дапамозе Украіне, а Дом Лінь у наш час — адна з самых уплывовых сем'яў у Бельгіі.
Бельгійскі прынц Мішэль дэ Лінье у Збаражскім замку. Прынц у маладосці служыў у элітным бельгійскім Палку Паракамандас. Як былы вайсковец ён разумее неабходнасць дапамогі Украіне. Фатаграфія прэс-цэнтра Палка Каліноўскага
Як патлумачыла ўдзельніца місіі, беларуская валанцёрка Галіна Мацюшына, прынц даўно жадаў наведаць Збаражскі замак. І гэтая магчымасць з'явілася, але фактычна выпадкова: у прынца Мішэля і Ігара Вітэнкі знайшоўся агульны сябар, які іх і пазнаёміў. Гэты сябар — бельгійскі граф, які сам неаднаразова дапамагаў Украіне.
Далей падзеі развіваліся хутка: спачатку кіраўнік Збаражскай тэрытарыяльнай абшчыны Раман Палікроўскі разам з дэлегацыяй наведаў рэзідэнцыю Дома Лінь у Бельгіі. А зараз ужо сам прынц Мішэль дэ Лінье прыбыў ва Украіну.
Прынц падтрымлівае Украіну і Полк Каліноўскага, разумеючы важлівасць іх барацьбы. Ён набыў аўтамабіль за ўласныя сродкі і не толькі прыдбаў яго, але і перагнаў разам з сябрам, бельгійскім баронам Бернардам Дэ Гершалемам. Яны мяняліся за рулём на працягу ўсяго шляху, які склаў прыкладна 2000 км, па вельмі складаных дарогах. Вось і атрымліваецца, што пікап для Палка Каліноўскага даставілі асабіста бэльгійскі прынц і барон.
Бельгійскі прынц Мішэль дэ Лінье заязджае ва ўнутраны двор Збаражскага замка. За рулём аўтамабіля, які пазней перадалі Палку Каліноўскага, Барон Бярнард Дэ Гершалем. Фатаграфія прэс-цэнтра Палка Каліноўскага
Бельгійскі Барон Бернард Дэ Гершалем, сябар прынца Мішэля дэ Лінье. Фатаграфія прэс-цэнтра Палка Каліноўскага
Ва ўнутраным двары замка ў якасці ганаровай варты стаяць навучэнцы Тэрнопальскага Вайсковага Каледжа. Побач размясціўся невялікі аркестр. Каля цэнтральнага ўваходу ў замак выстаўлены машыны, а побач з імі знаходзяцца удзельнікі місіі, мясцовыя пасадоўцы і госці. Сам замак адрэстаўраваны ў 2019-м і за яго станам відавочна сочаць. За стагоддзі ён некалькі разоў перабудоўваўся, а ў савецкія часы прыйшоў у запусценне. А зараз сустракае нашчадка былых гаспадароў.
Курсанты Тэрнопальскага Вайсковага Каледжа ва ўнутраным двары Збаражскага Замка. Фатаграфія прэс-цэнтра Палка Каліноўскага
Перад пачаткам мерапрыемства ў нас адбылася адна нечаканая сустрэча. Да камандзіра Палка Каліноўскага "Дзядзькі" падышоў прывітацца мясцовы каталіцкі святар. Святар убачыў бел-чырвона-белы патч на плячы Паўла Шурумея ды моцна зарадаваўся, калі ўпэўніўся, што мы беларусы. У гутарцы высветлілася, што айцец Давід у 2000-х гадах служыў у Санктуарыі горада Будслаў, што знаходзіцца ў Менскай вобласці. Сам ён украінец, але любіць і паважае Беларусь. Пра Полк Каліноўскага ведаў нямала і быў моцна здзіўлены, калі зразумеў, што гаворыць з камандзірам падраздзялення. Мы крыху паразмаўлялі, абмяняліся ўспамінамі пра Будслаўскі Фэст і адправіліся далей.
Камандзір Палка Каліноўскага “Дзядзька” размаўляе з каталіцкім святаром айцом Давідам. Айца Давіца запрасілі на ўрачыстасць, каб асвяціць аўтамабілі. Фатаграфія прэс-цэнтра Палка Каліноўскага
Падчас самога мерапрыемства ўкраінскім вайскоўцам і медыкам было перададзена тры аўтамабілі хуткай дапамогі, напоўненыя медыцынскім абсталяваннем. Два з іх адразу адправяцца на фронт, а адзін да мясцовай ТРА. Палку Каліноўскага перадалі пікап і 7 FPV-дронаў. Агулам гэта ўжо соты аўтамабіль, перададзены Украіне з пачатку поўнамаштабнай вайны ў рамках гуманітарнай Місіі Ігара Вітэнка.
Барон Бернард Дэ Гершалем абдымае камандзіра Палка Каліноўскага пасля перадачы пікапа і FPV-дронаў. Побач з імі — прынц Мішэль дэ Лінье. Фатаграфія прэс-цэнтра Палка Каліноўскага
Амаль усе ўдзельнікі ўрачыстасці ў Збаражы. Фатаграфія прэс-цэнтра Палка Каліноўскага
Пікап Nissan Navara. Гэта ўжо другі раз, калі беларуская дыяспара Бельгіі нам дапамагае. У траўні гэтага года яны таксама, сумесна з "Місіяй Ігара Вітэнка", перадалі нам пікап і дроны.
Беларуская дыяспара ў Бельгіі стала праводзіць зборы для надання дапамогі Палку Каліноўскага. У гэты раз былі набыты два дроны, розныя карысныя рэчы і прысмакі.
Аб’яднаная Грамадзянская Партыя таксама аказала дапамогу, перадаўшы праз Місію адзін дрон.
Ужо вярнуўшыся з Збаража мы выявілі, што ўнутры пікапа нас чакаў яшчэ адзін сюрпрыз: беларуская дыяспара Бельгіі перадала Палку Каліноўскага некалькі каробак з падарункамі.
Фатаграфія прэс-цэнтра Палка Каліноўскага
Полк імя Кастуся Каліноўскага выказвае сваю падзяку кожнаму, хто дапамагае нам. Ваш уклад у агульную справу важлівы і толькі разам мы зможам перамагчы!
01 October 2024
25 September 2024
12 September 2024
11 September 2024
08 September 2024
06 September 2024
Шукаем тых, хто гатовы дапамагаць беларускім добраахвотнікам